Выканаўчы дырэктар агенцтва Ігар Картавых і шэф-рэдактар Яўгеній Белавусаў адпраўленыя пад арышт на 4 месяцы. Інфармацыю пацьвердзіла Азэрбайджанская служба Свабоды.
Абодвум расейцам выставілі афіцыйныя абвінавачваньні паводле артыкулаў «махлярства, учыненае з прычыненьнем шкоды ў буйным памеры», «незаконнае прадпрымальніцтва з атрыманьнем даходу ў буйным памеры, учыненае арганізаванай групай», «легалізацыя маёмасьці, атрыманай злачынным шляхам, учыненае ў буйным памеры» Крымінальнага кодэксу Азэрбайджану.
Крэмль назваў затрыманьне расейскіх журналістаў у Азэрбайджане «надзвычай эмацыйнай рэакцыяй». Такую фармулёўку ўжыў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў. Ён выказаў надзею на хуткае вызваленьне журналістаў.
Пазьней стала вядома, што ў Расеі затрымалі кіраўніка арганізацыі «Азэрбайджан-Урал» Шахіна Шыхлінскага.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, яго затрымалі разам з сынам Мутвалы, якога пазьней адпусьцілі. У чым падазраюць кіраўніка азэрбайджанскай дыяспары ў Екацерынбургу — невядома.
Паралельна ў Варонежы паліцыянты прыйшлі да ўраджэнца Азэрбайджану, бізнэсоўца Юсіфа Халілава, які валодае рэстаранам «Ярды Superbar» і імаверна зьяўляецца саўласьнікам мясцовага рынка.
Міністэрства ўнутраных спраў Азэрбайджану напярэдадні пачало расьсьледаваньне ў дачыненьні бакінскага аддзяленьня інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» (Sputnik-Азербайджан). У рэдакцыі правялі ператрусы. На такія захады ўлады Азэрбайджану пайшлі пасьля таго, як у расейскім Екацерынбургу сілавікі забілі братоў Зіядзіна і Гусэйна Сафаравых. Агулам у той дзень 27 чэрвеня расейскія сілавікі затрымалі больш за 50 азэрбайджанцаў.
Па словах Адалята Гасанава зь Міністэрства аховы здароўя Азэрбайджану, 55-гадовы Зіядзін Сафараў памёр ад траўматычнага шоку, выкліканага шматлікімі траўмамі. Сьмерць яго 60-гадовага брата, Гусэйна Сафарава наступіла ў выніку траўматычнага і постгемарагічнага шоку.
Форум