Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан заяўляе пра «зьверскае забойства» двух сваіх грамадзянаў у Расеі і рэзка крытыкуе асабіста Пуціна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік Аб’яднаньня судова-мэдычнай экспэртызы і паталягаанатоміі Міністэрства аховы здароўя Азэрбайджану Адалят Гасанаў на прэс-канфэрэнцыі ў Баку заявіў, што прычынай сьмерці Зіядзіна і Гусэйна Сафаравых сталі шматлікія траўмы.

Браты Сафаравы загінулі 27 чэрвеня ў Екацярынбургу падчас рэйду расейскіх сілавікоў. Паводле відавочцаў, тыя дзейнічалі надзвычай жорстка. Усяго затрымалі больш як 50 чалавек азэрбайджанскага паходжаньня. Целы Сафаравых даставілі ў Азэрбайджан 30 чэрвеня самалётам «Уральскіх авіяліній».

Што вядома пра рэйд

28 чэрвеня ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі адсправаздачылася аб «спыненьні дзейнасьці этнічнай злачыннай групы». Супраць яе ўдзельнікаў распачалі крымінальную справу аб забойстве групай асобаў па папярэдняй змове, заказным забойстве і замаху на яго.

МЗС Расеі заявіла, што затрыманьні праводзіліся ў рамках расьсьледаваньня цяжкіх злачынстваў, а затрыманыя былі грамадзянамі Расеі. Прадстаўніца МЗС Марыя Захарава ўдакладніла, што размова ідзе аб справах, зьвязаных з забойствамі, учыненымі ў 2001, 2010 і 2011 гадах.

Паводле расейскіх СМІ, гаворка, у прыватнасьці, ідзе аб забойстве ў 2001 годзе ў Екацярынбургу выхадца з Азэрбайджану Юніса Пашаева – яго зарэзалі кухонным нажом. Асноўнымі падазраванымі тады лічыліся ўладальнікі адной зь мясцовых кавярняў, браты Гусэйн і Зіядзін Сафаравы. Менавіта браты Сафаравы загінулі падчас рэйду расейскіх сілавікоў 27 чэрвеня.

Высновы судова-мэдычнай экспэртызы

Па словах Адалята Гасанава зь Міністэрства аховы здароўя Азэрбайджану, 55-гадовы Зіядзін Сафараў памёр ад траўматычнага шоку, выкліканага шматлікімі траўмамі. Пры аглядзе яго цела судмедэкспэрты выявілі кровазьліцьцё ў сьлізістую абалонку абодвух вачэй, удары, пераломы ў вобласьці левага пляча і нагі, раны на вонкавым баку грудной клеткі. «Пры ўнутраным аглядзе мы выявілі кровазьліцьці на скурны галавы, пашкоджаньне тупым прадметам, раструшчаньне грудной клеткі. Адно з рэбраў у яго адсутнічала», — цытуе яго словы Azertag.

Пры гэтым у пасьведчаньні аб сьмерці Зіядзіна Сафарава, выдадзеным расейскімі ўладамі, было пазначана, што мужчына памёр у выніку вострай сардэчна-лёгачнай недастатковасьці.

Сьмерць яго 60-гадовага брата, Гусэйна Сафарава, піша Minval са спасылкай на заключэньне судмедэкспэртаў, наступіла ў выніку траўматычнага і постгемарагічнага шоку. У яго зафіксаваны пералом носа, дэфармацыя грудной клеткі, гематомы і сінякі па ўсім целе, у тым ліку ў вобласьці палавых органаў, а таксама раны на левым баку і ўнутранай паверхні сьцягна.

Пры ўскрыцьці цела Гусэйна Сафарава, як адзначаецца, былі выяўлены шырокія кровазьліцьці на ўнутранай паверхні скуры галавы, унутрычарапное кровазьліцьцё, множныя пераломы рэбраў са зьмяшчэньнем, парывы плеўры і лёгкіх, пашкоджаньне печані і разрыў брушыны. Усе пашкоджаньні братам Сафаравым былі нанесеныя тупымі прадметамі, гаворыцца ў экспэртызе.

Генэральная пракуратура Азэрбайджану распачала крымінальную справу па факце катаваньняў і наўмыснага забойства дзьвюх і больш асоб з асаблівай жорсткасьцю, учыненага «супрацоўнікамі расейскіх праваахоўных органаў».

Братоў Сафаравых пахаваюць на вясковых могілках Агджабядзінскага раёну побач зь іх бацькамі.

Рэакцыя Баку

Баку выклікаў часовага паверанага ў справах пасольства Расеі ў краіне і выказаў рашучы пратэст. Азэрбайджанскія ўлады заявілі, што двое грамадзян краіны былі «па-зьверску забітыя».

Пасьля рэйду ў Екацярынбургу ўлады Азэрбайджану адмянілі ў краіне ўсе культурныя мерапрыемствы, якія арганізуюць дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы з Расеі. Парлямэнцкая дэлегацыя Азэрбайджану адмяніла паездку ў Маскву на сумеснае пасяджэньне з расейскімі дэпутатамі.

30 чэрвеня паліцыя ў Азэрбайджане правяла ператрусы ў офісе пракрамлёўскага інфармацыйнага агенцтва «Sputnik Азэрбайджан». Былі затрыманыя кіраўнік рэдакцыі Ігар Картавых і шэф-рэдактар Яўген Белавусаў. Мясцовыя СМІ паведамілі, што яны нібыта зьвязаныя з ФСБ, але афіцыйнага пацьверджаньня інфармацыі няма.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у аўторак заявіў, што затрыманьне расейскіх грамадзян у Азэрбайджане «не адпавядае агульнапрынятым правілам і духу адносін паміж Масквой і Баку». Па словах Пяскова, у Маскве разьлічваюць, што неўзабаве падчас прамых кантактаў атрымаецца вызваліць затрыманых расейцаў.

Крытыка на адрас Пуціна

У эфіры галоўнага тэлеканалу Азэрбайджану AzTV прагучала рэзкая крытыка на адрас прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і палітыкі, якая праводзіцца Крамлём у дачыненьні да былых савецкіх рэспублік.

«Разумеем, вы прывыклі да панаваньня над народамі, якіх Расея сілком уключыла ў свой склад. Ці то ў царскія часы, ці то ў савецкі пэрыяд, рускі народ лічыўся вышэйшай расай. Азэрбайджанцы, узбэкі, казахі, кіргізы, туркмэны і іншыя народы заўсёды лічыліся людзьмі другога гатунку. І хоць імпэрыя адышла ў нябыт, мысьленьне не зьмянілася, яно працягвае існаваць. Раней Сталін сек галовы рукамі НКУС, цяпер Пуцін душыць нязгодных рукамі АМАПу. Як гаворыцца, 37-ы год працягваецца, але больш жорстка і сур'ёзна. Але ці разумеюць у Крамлі і сам Пуцін, што цяпер не 37-ы, а 2025-ы, і былыя саюзныя рэспублікі ўжо 30 гадоў як незалежныя. Ці разумеюць яны, што гісторыя нічога не забывае?», – у прыватнасьці заявіў вядоўца штотыднёвай аналітычнай праграмы на AzTV.

  • Праблемы ў двухбаковых адносінах Расеі і Азэрбайджану пачаліся пасьля крушэньня ў Казахстане ў леташнім сьнежні пасажырскага самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній», які выконваў рэйс з Баку ў Грозны. Загінулі 38 чалавек. Асноўнай вэрсіяй катастрофы называюць пашкоджаньне фюзэляжа зэнітнай ракетай у небе над Грозным. Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што Баку ня лічыць пашкоджаньне лайнэра наўмысным, але адказнасьць, паводле яго, «ляжыць на прадстаўніках Расеі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG