Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню дазволілі паляваньне на мядзьведзяў і рысяў, якія, імаверна, мігруюць з Расеі


Мядзьведзі ў Бярэзінскім запаведніку, архіўнае фота
Мядзьведзі ў Бярэзінскім запаведніку, архіўнае фота

Прычына ў росьце папуляцыі. На 1 студзеня мядзьведзяў у краіне было 1066, а рысяў — 1908.

З 1 ліпеня ў Беларусі ўпершыню амаль за сто гадоў можна паляваць на мядзьведзяў і рысяў.

Нядаўна панізілі іх ахоўны статус у Чырвонай кнізе. Прычына — у росьце папуляцыі.

На 1 студзеня мядзьведзяў у краіне было 1066, а рысяў — 1908, пісала БЕЛТА.

Упаляваць можна будзе ня больш за 10% зьвяроў, ёсьць патрабаваньні да стажу паляўнічага, шчыльнасьці папуляцыі драпежнікаў у лесе і іншыя.

Найбліжэйшае ад сталіцы месца паляваньня — пад Барысавам. Астатнія лясгасы на Віцебшчыне: Бягомельскі, Багушэўскі, Віцебскі, Лёзьненскі, Сураскі і Ўшацкі. Там зьвяроў найбольш.

Пры гэтым асноўная мэта, як кажуць паляўнічыя, — рэгуляваньне колькасьці, каб зьвяроў не рабілася зашмат і яны не выходзілі ў гарады і вёскі.

«Наш мядзьведзь, як правіла, ня буйны, трафэйных якасьцяў сур’ёзных у яго няма», — казаў начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандар Казарэз.

Ён таксама адзначыў, што калі драпежнікі прыходзяць у паселішчы, то паляўнічыя нормы і законы ня дзейнічаюць. Што рабіць з такім зьверам, вырашаюць апэратыўныя камісіі, якія ацэньваюць найперш небясьпеку для людзей.

А што ў суседзяў

У Літве паўмесяца таму маладая мядзьведзіца трапіла ў галоўныя навіны. Яна тры дні блукала па прадмесьцях і ваколіцах Вільні, а аднойчы нават выйшла на сталічны праспэкт. Паляўнічым далі дазвол на адстрэл, але яны прынцыпова адмовіліся гэта рабіць.

Пры гэтым мядзьведзяў у Літве ўсяго ад пяці да дваццаці— колькі дакладна, невядома.

Сёлета іх пяць разоў бачылі на мяжы зь Беларусьсю.

Раней мядзьведзі перасякалі Літву і пакідалі краіну, але цяпер іхны рух можа быць абмежаваны памежнай агароджай, — казаў у інтэрвію BNS кіраўнік літоўскага недзяржаўнага Цэнтру аховы экасыстэмаў Пятрас Адзейкіс.

Насуперак распаўсюджанай думцы, мядзьведзі ў асноўным трапляюць у Літву не зь Беларусі, мяркуе натураліст і фатограф Марус Чапуліс. Паводле яго, драпежнікі часьцей ідуць зь Фінляндыі цераз Эстонію і Латвію.

У Эстоніі каля 300 мядзьведзяў.

У Латвіі — каля 50–80.

У Пскоўскай вобласьці Расеі, якая мяжуе зь Віцебскай вобласьцю Беларусі, у 2025 годзе налічылі ўжо больш за 2500 мядзьведзяў, іх колькасьць прырастае штогод на сотні. Як і ў суседняй Смаленскай вобласьці, дзе мядзьведзяў ужо больш за 2200.

І нішто ім не замінае прыходзіць у магілёўскія і віцебскія лясы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG