Падаражэюць некаторыя крэдыты
Нацбанк падняў столь па адсотках пазык на крэдыты для насельніцтва. Гаворка пра разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі. Так, па новых паверах у беларускіх рублях для фізычных асоб на ліпень (за выключэньнем ільготных) гэты паказьнік вырас да 19,10% гадавых (цяпер ён складае 18,18%). Ад яго залежаць стаўкі па некаторых банкаўскіх пазыках, у тым ліку на нерухомасьць.
Таксама Нацбанк з 25 чэрвеня павысіць стаўку рэфінансаваньня да 9,75% гадавых (цяпер яна складае 9,5%). Да гэтага прывязаныя адсоткі па некаторых крэдытах, у першую чаргу жыльлёвых.
Рахункі для выплаты пэнсій і дапамогі на дзяцей
Да 1 ліпеня беларусы, якія атрымліваюць пэнсіі праз банкі, мусілі завесьці адмысловыя рахункі, якія называюцца базавымі разьліковымі. На іх і будуць пералічваць грошы.
Базавы рахунак па сваіх функцыях не адрозьніваецца ад бягучага. Адно што ён прадугледжвае пэўны сьпіс апэрацый, з правядзеньня якіх банкі не бяруць камісіі. Да прыкладу, гэта адкрыцьцё і закрыцьцё такога рахунку, залічэньне на яго сацыяльных выплат (пэнсій, дапамогі на дзяцей, выплатаў па беспрацоўі, стыпэндый і іншых), пераказы паміж такімі рахункамі, зьняцьце гатоўкі праз банкаматы і касы гэтага ж банку, разьлік за тавары.
Базавы рахунак можна перавесьці з аднаго банку ў іншы — але не часьцей за два разы на каляндарны год. Такі пераход можа заняць да двух месяцаў. Цягам гэтага часу банк, зь якога адыходзіць кліент, будзе бясплатна пераводзіць грошы ў новую абраную ім установу.
Абнаўленьне рахункаў ЖКГ
У чэрвені ўлады паднялі тарыфы на некаторыя жыльлёва-камунальныя паслугі. Гэта закранула ў тым ліку ацяпленьне, гарачую ваду і электрычнасьць пад падагрэў жыльля.
У ліпені беларусы атрымаюць плацяжы за некаторыя камунальныя паслугі па павышаных тарыфах.
Новаўвядзенне для кампаній і прадпрымальнікаў
З 1 ліпеня кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадаюць тавар з абавязковай маркіроўкай, мусяць выкарыстоўваць адмысловыя касавыя апараты або іх альтэрнатыву — праграмныя касы.
Таксама ад гэтага дня кампаніі, якія выконваюць работы або аказваюць паслугі на выезьдзе ў сельскай мясцовасьці, абавяжуць прымаць гатоўку праз касавае абсталяваньне і аплатныя тэрміналы. Гэта ж датычыць і тых, хто прапануе бытавыя паслугі.
Зьмяняецца парадак аплаты пакупак на касах
З 1 ліпеня пакупнікі, якія расплачваюцца за тавары на касах самаабслугоўваньня, абавязаныя счытваць коды маркіроўкі з пэўных тавараў — у дадатак да звычайных штрыхкодаў. Гэта коды Data Matrix — яны падобныя на QR-коды. Зь іх дапамогай краіны ЭАЭС, куды ўваходзіць і Беларусь, змагаюцца з падробленымі таварамі.
У Беларусі падобныя коды пакуль зьмяшчаюць на некаторыя малочныя прадукты, воды, сокі, масла, піва, вітаміны, кансэрвы і іншыя тавары.
Разабрацца з навацыяй у крамах дапамогуць кансультанты. У выпадку цяжкасьцяў аплату можна правесьці праз звычайную касу з касірам.
Выплаты матэрыяльнай дапамогі да школы
З 1 ліпеня дзяржаўныя органы пачнуць прымаць заявы на аднаразовую выплату матэрыяльнай дапамогі да школы. Грошы могуць атрымаць сем'і з трыма і больш дзецьмі да 18 гадоў — даход значэньня ня мае.
Матэрыяльная дапамога складзе 30% ад бюджэту пражытковага мінімуму на кожнае дзіця-школьніка.
Для атрыманьня выплаты трэба зьвяртацца ў органы сацыяльнай абароны па месцы жыхарства, у Менску і некаторых раёнах Берасьцейскай, Віцебскай, Горадзенскай абласьцей — па месцы вучобы дзіцяці.
Тэрміналы «Белпошты» болей ня будуць прымаць картак
«Белпошта» аб’явіла аб зьмяненьні правілаў аплаты ў сваіх плацёжна-даведачных тэрміналах. З 1 ліпеня 2025 году ўсе такія прылады будуць працаваць толькі з гатоўкай. Расплаціцца карткай праз тэрмінал больш не атрымаецца. Скарыстацца можна будзе толькі гатоўкай.
Прычыны адмовы ад безнаяўнай аплаты ў тэрміналах у «Белпошце» не назвалі.
Да гэтага тэрміналы «Белпошты» дазвалялі аплочваць паслугі як гатоўкаю, так і банкаўскімі карткамі. Цяпер выкарыстоўваць картку ўсё яшчэ можна, але толькі праз апэрацыйнае акно ў самім паштовым аддзяленьні.
Новыя абавязкі інтэрнэт-крамаў
З 11 ліпеня беларускія гандлёвыя пляцоўкі ў інтэрнэце абавязаныя адказваць на электронныя звароты пакупнікоў. Акрамя таго, з гэтай даты інтэрнэт-крамы павінны даваць пакупнікам магчымасьць запаўняць лічбавую форму заказу.
Дзякуючы такой навіне чалавек зможа праверыць сваю замову і выправіць магчымыя памылкі да завяршэньня афармленьня пакупкі, піша Blizko.
Акрамя таго, уладальнік інтэрнэт-пляцоўкі з 11 ліпеня павінен выдаваць пакупніку пацьверджаньне аб заключэньні дамовы.
Зьмяняюцца законы ў пытаньнях рэклямы
Яны канкрэтызуюць патрабаваньні да вонкавай рэклямы на помніках архітэктуры і гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Там прапісваецца, што рэкляма павінна разьмяшчацца асобнымі літарамі альбо кансольлю ня большай за 70×70×30 см.
Таксама нармуецца рэкляма на паўкруглых частках вітрынаў, вокнаў і дзьвярэй. Усё гэта можна прачытаць тут.
Дазвол паляваць на мядзьведзя
Ужо 1 ліпеня ў Беларусі адкрыецца паляваньне на мядзьведзя, паведамляюць у Міністэрстве лясной гаспадаркі. Там зазначылі, што гэта адбудзецца ўпершыню ў гісторыі сувэрэннай Беларусі.
«Адкрыцьцё паляваньня на мядзьведзя зьвязанае з рэзкім ростам яго колькасьці і з мэтай выключэньня канфліктных сытуацый паміж зьверам і насельніцтвам», — падкрэсьлілі ў ведамстве.
Паляваньне адкрыецца з 1 ліпеня па 31 сьнежня. Дазваляецца ружэйнае паляваньне на мядзьведзя любога полу і ўзросту. Паляваць можна на працягу сутак з засады, з падыходу ў прысутнасьці кіраўніка паляваньня. Пры гэтым можна выкарыстоўваць:
- наразную паляўнічую зброю (пералік патронаў (калібраў), дазволеных для здабычы мядзьведзя, вызначаны пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2025 г. № 3);
- гладкаствольная паляўнічая зброя ня менш за 16 калібар з выкарыстаньнем патронаў, забясьпечаных куляй;
- паляўнічых сабак: пароды па рашэньні карыстальніка паляўнічых угодзьдзяў.
Да ўдзелу ў паляваньні на мядзьведзя дапускаюцца паляўнічыя, якія маюць стаж паляваньня ня менш як тры гады.
Падаражэе шэраг марак цыгарэт з фільтрам
Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» ад 15 да 20 капеек узьніме цэны на некаторыя віды цыгарэт марак Dove, RIGINS і RB (усяго 6 найменьняў тытунёвай прадукцыі).
ЗТАА «Алідзі-Вест» на 30 капеек падвышае цану чатырох відаў цыгарэт Dunhill.
Іншыя вытворцы і экспартэры тытунёвай прадукцыі кошты ўзьнімаць ня будуць.
Забараняюць расейскія піцу, бліны і марозіва
З 1 ліпеня гэтую прадукцыю забаронена ўвозіць і прадаваць у Беларусі:
- два гатункі бліноў «Сытый папа» (паказчык пэўных мікраарганізмаў вышэйшы за норму, знойдзеныя бактэрыі групы кішачных палачак);
- піца «Sибирская коллекция»(прычыны такія самыя);
- двухслаёвае марозіва з смакам чарніц і тутці-фруці ад «Фабрики Грез» (прычына: вытворца часткова замясьціў 30% малочнага тлушчу яго замяняльнікам).
Форум