Простая ратацыя ці выкрыцьцё змовы: чаму памянялі старшыню «Белай Русі»?

Былы кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў віншуе новую старшыню партыі Вольгу Чамаданаву. Менск, 28 чэрвеня 2025 году

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Пярцоў на зьезьдзе «Белай Русі» заявіў пра змову ў дзяржаўных інстытуцыях. Галоўным пунктам парадку дня была адстаўка старшыні партыі Алега Раманава і абраньне новай старшыні. Ці зьвязаныя гэтыя падзеі адна з другой?

Сьцісла:

  • Партыі не адыгрываюць значнай ролі ў палітычным жыцьці Беларусі, але «Белая Русь» лічыцца «партыяй улады».
  • Нечарговы зьезд «Белай Русі» склікалі, каб выбраць новага старшыню.
  • Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Пярцоў заявіў, што ў Беларусі створаныя «псэўдапатрыятычныя ячэйкі», якія атабарыліся ў дзяржаўных і прадзяржаўных інстытуцыях, «фінансуюцца з-за мяжы» і імкнуцца да «дэструкцыйных палітычных задумаў».
  • «Адстаўлены» кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў ёсьць пасьлядоўным ідэйным прыхільнікам «русского мира».


Палітычную сыстэму Беларусі можна ахарактарызаваць як непартыйную. У тым сэнсе, што партыі не адыгрываюць нейкай значнай ролі ў палітычным жыцьці краіны, існуюць хутчэй намінальна. Нават у параўнаньні з Расеяй, дзе нейкая, няхай умоўная, канкурэнцыя сярод праўладных партыяў існуе, і, да прыкладу, Камуністычнай партыі РФ дазволена крытыкаваць дзейнасьць «Адзінай Расеі».

Тым ня менш партыя «Белая Русь» лічыцца «партыяй улады». Хоць рэглямэнт дзейнасьці парлямэнту не прадугледжвае існаваньня партыйных фракцыяў, тым ня менш афіцыйна аб’яўлялася, што з 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 51 — чальцы «Белай Русі». Колькі сяброў гэтай партыі ў верхняй палаце — Савеце Рэспублікі — невядома, хоць «Вікіпэдыя» дае лічбу 46 (поўны склад палаты — 64). Аднак спраўдзіць гэта цяжка, бо на афіцыйным сайце Савету Рэспублікі партыйная прыналежнасьць яго чальцоў не пазначана.

ІІІ зьезд «Белай Русі» адбыўся 28 чэрвеня. Абвясьцілі яго нечарговым. І, гледзячы па ўсім, адзіны сэнс яго правядзеньня быў у зьмене старшыні партыі.

Паводле статуту «Белай Русі», яе старшыня выбіраецца на пяць гадоў. На ўстаноўчым сходзе партыі ў 2023 годзе на гэтую пасаду абралі Алега Раманава. Прайшло толькі два гады, і вось у тэрміновым парадку яго замянілі. Новай старшынёй стала Вольга Чамаданава.

У сюжэтах дзяржаўных мэдыя Раманава паказалі толькі мімаходзь, бяз слоў. Ён быў на зьезьдзе, сядзеў у прэзыдыюме. Але з афіцыйных рэпартажаў незразумела, ці выступаў. На фота БЕЛТА ён паказаны са сьпіны, калі ўручае кветкі новай старшыні партыі Вользе Чамаданавай.

Паседжаньні вёў дэпутат Вадзім Гігін. «Была агучаная інфармацыя, што... Алег Раманаў, які ўзначальваў Беларускую партыю „Белая Русь“, заявіў аб жаданьні засяродзіцца на працы ў Палаце прадстаўнікоў. Ён склаў паўнамоцтвы старшыні найбуйнейшай партыйнай структуры», — паведаміла агенцтва «Минск-Новости».

Алег Раманаў, архіўнае фота 2022 году

Выглядае, здарылася нешта незвычайнае: спатрэбілася раптоўна праводзіць зьезд дзеля замены кіраўніка. Інтрыгі дадаў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Пярцоў:

«На патрыятычнай тэматыцы, мімікруючы пад патрыётаў, сталі фармавацца псэўдапатрыятычныя ячэйкі. Уступаючы ў калябарацыю зь дзяржаўнымі і прадзяржаўнымі грамадзкімі аб’яднаньнямі і палітычнымі партыямі, жадаючы разам з вамі прайсьці гэты шлях заваёвы розумаў і сэрцаў, яны фінансуюцца з-за мяжы і нацэленыя самым галоўным чынам на рэалізацыю альтэрнатыўных, дэструкцыйных палітычных задумаў у наступны электаральны пэрыяд — 2029–2030 гадоў».

Заява Пярцова нагадвае выкрыцьцё нейкай змовы. Прычым гаворка не пра традыцыйную апазыцыю, бо для яе ўлады ўжываюць зусім іншую рыторыку і ярлыкі. Тады пра каго?

Тут нібыта ідзецца пра людзей, якія атабарыліся ў дзяржаўных і прадзяржаўных інстытуцыях. Важны момант у тым, што яны «фінансуюцца з-за мяжы». З Захаду ці з Усходу? У незалежных мэдыя шмат інфармацыі, як Расея актыўна падтрымлівае грашыма прарасейскія арганізацыі ў Беларусі. Пытаньняў больш, чым адказаў.

Нагадаю, гэтую заяву першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі зрабіў на зьезьдзе «Белай Русі», галоўным пунктам парадку дня якога была адстаўка Раманава і абраньне новай кіраўніцы. Ці зьвязаныя гэтыя падзеі адна з другой? Тут можна вылучаць толькі гіпотэзы.

Варта толькі зьвярнуць увагу, што Алег Раманаў ёсьць пасьлядоўным ідэйным прыхільнікам «русского мира», сяброўства з Расеяй і варожасьці Захаду. Пра гэта сьведчаць ягоныя публікацыі (ён прафэсар, доктар філязофскіх навук) яшчэ ў часы ягонай працы ў Горадзенскім унівэрсытэце. І адным зь першых крокаў Раманава на пасадзе старшыні «Белай Русі» стала заключэньне дамовы аб супрацы з расейскай партыяй «Единая Россия».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новым навучальным годзе грамадзянам Расеі будзе выдзеленая тысяча бюджэтных месцаў у ВНУ Беларусі. Прыедуць і расейскія прафэсары
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін даручыў разьвіваць расейскую мову, у тым ліку за мяжою. У Беларусі — 27 арганізацый расейцаў