Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз ровараў, самакатаў і сабак. У менскай міліцыі расказалі аб допуску на мерапрыемствы 3-6 ліпеня


Дзень Незалежнасьці ў Менску. Архіўнае фота
Дзень Незалежнасьці ў Менску. Архіўнае фота

У Менску з 3 па 6 ліпеня адбудзецца некалькі вялікіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Незалежнасьці, якія будуць праходзіць ва ўзмоцненых захадах бясьпекі.

«Мы будзем надаваць увагу прафіляктыцы побытавых злачынстваў, узмацненьню кантролю за асобамі, якія знаходзяцца на розных уліках, а таксама адпрацуем месцы масавага адпачынку і масавага знаходжаньня грамадзян», — паведаміў начальнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі Сяргей Гарохаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Прадстаўнік менскай міліцыі заклікаў грамадзян адмовіцца ад выкарыстаньня ўласнага транспарту і загадзя прыходзіць на мерапрыемствы, паколькі трапіць на сьвяточныя пляцоўкі можна будзе толькі праз кантрольна-прапускныя пункты (КПП), дзе іх будуць даглядаць і правяраць на наяўнасьць забароненых прадметаў.

Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца каля Палацу спорту, Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама каля стэлы «Менск — горад-герой».

Паводле Сяргея Гарохава, найбольш грамадзян чакаюць каля стэлы, таму там уладкуюць найбольш — 15 — пунктаў для пропуску і дагляду грамадзян.

Прадстаўнік менскай міліцыі зьвярнуў увагу на тое, што для праносу на мерапрыемствы забароненыя зброя, колюча-рэжучыя прадметы, выбуховыя рэчывы и прылады, шкляная тара, «рознага кшталту прадметы, якімі можна нанесьці цялесныя пашкоджаньні або муляжы пералічаных прадметаў».

Апроч таго, на мерапрыемствы грамадзянам забаранілі прыходзіць з роварамі, скутэрамі, самакатамі і сабакамі. Выключэньні зрабілі для сабак, якія суправаджаюць людзей з страчаным зорам.

Паводле Гарохава, у месцах усіх КПП будуць абсталяваныя месцы захоўваньня для рэчаў, якія забаронена праносіць на масавыя мерапрыемствы.

«Дапускаюцца для праносу традыцыйна безалькагольныя напоі ў плястыкавай празрыстай тары аб’ёмам да паўлітра», — дадаў прадстаўнік менскай міліцыі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG