На сайце Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (Center for European Policy Analysis, CEPA) зьявіўся артыкул брытанскага пісьменьніка і журналіста Эдварда Лукаса «Сакрэтная зброя: Гісторыя. Псэўдагістарычны „літвінізм“ сее разлад паміж Літвой і Беларусьсю».
Тры мэты Крамля
На думку Эдварда Лукаса, тэорыя, якая сьцьвярджае, што сучасная Беларусь зьяўляецца законным спадкаемцам Вялікага княства Літоўскага, у наш час здаецца такой жа загадкавай і трывіяльнай, як і аргумэнты аб спадчыне Сьвятой Рымскай імпэрыі.
«Але незалежна ад яе сумнеўнай фактычнай асновы, — піша Лукас, — літвінізм... выконвае тры важныя мэты Крамля. Ён атакуе сучасную літоўскую дзяржаўнасьць. Ён распальвае сваркі паміж беларускай апазыцыяй (якая пераважна базуецца ў літоўскай сталіцы Вільні) і яе гаспадарамі. І ён стварае рознагалосьсі ва ўрадзе Літвы».
«Літоўцам трэба перастаць турбавацца аб тым, што адбылося восем стагодзьдзяў таму»
Гэтыя рознагалосьсі, на думку Лукаса, горш чым абсурдныя. Ён піша, што паколькі Ўкраіна змагаецца за выжываньне, усе ворагі Крамля павінны адкінуць свае рознагалосьсі і дапамагчы:
«Засяроджваньне на гістарыяграфічных тонкасьцях выглядае занудзтвам і эгаізмам. Іншыя эўрапейцы пераадолелі куды больш сьвежыя і лютыя сваркі. Калі краіны, акупаваныя нацысцкай Нямеччынай, яшчэ на памяці жывых змаглі пераступіць цераз гістарычныя цені Другой сусьветнай вайны, літоўцы напэўна могуць перастаць турбавацца аб тым, што адбылося восем стагодзьдзяў таму. Дзівацтваў і супярэчнасьцяў бывае поўна, калі перасякаюцца гісторыя, геаграфія і мова. Самая знакамітая паэма на польскай мове, „Пан Тадэвуш“ Адама Міцкевіча, пачынаецца з словаў „Радзіма Літва!“; гэта нагода для радасьці, а не для звады».
Аднак літвінізм, піша Эдвард Лукас, мае значэньне: як мінімум, ён можа быць часткай крамлёўскага праекту дэлегітымізацыі літоўскай дзяржаўнасьці. У якасьці прыкладу журналіст прыводзіць нядаўна выдадзеную ў Маскве кнігу з ухвальнай прадмовай міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, дзе прыводзяцца падобныя аргумэнты, і нагадвае, што вайна Ўладзіміра Пуціна ва Ўкраіне пачалася з псэўдагістарычных нападаў на ўкраінскую дзяржаўнасьць.
Ці будуць беларусы бараніць Вільню
У выніку гістарычныя спрэчкі падсілкоўваюць у Літве зьвязаныя з гэтым засьцярогі наконт дзясяткаў тысяч беларусаў, якія знайшлі палітычны (або эканамічны) прытулак у Літве. Ці будуць тыя зь іх, хто зьяўляецца прыхільнікам літвінізму, бараніць Вільню ад меркаванага нападу менскага рэжыму, які можа адбыцца пасьля сумесных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-25» гэтай восеньню? А можа некаторыя зь іх нават прывітаюць «вызваленьне» Вільні ад літоўскіх «акупантаў»? — пераказвае Эдвард Лукас засьцярогі літоўцаў.
Журналіст піша, што ў Літве хапае і скептыкаў, якія кажуць, што беларускія ўцекачы наўрад ці складаюць пятую калёну, бо ж яны ўцяклі ад рэжыму Лукашэнкі і рызыкуюць трапіць у ягоныя рукі і зазнаць жахлівы лёс тых, хто ўжо сядзіць у турмах Беларусі. Лукас нагадвае, што ўсе асноўныя беларускія апазыцыйныя лідэры і групы неаднойчы і настойліва заяўлялі, што літвінізм — маргінальная зьява сярод беларусаў. Але, разам з тым, нямала беларусаў рабілі публічныя заявы пра лінгвістыку, этнаграфію, геаграфію, гісторыю і іншыя спрэчныя пытаньні, што прымушала літоўцаў нэрвавацца.
«Ці яны (заявы некаторых беларусаў пра гісторыю ВКЛ. — РС) неразумныя, наўмысна грубыя або адкрыта злавеснымі, залежыць ад вашага пункту гледжаньня. Тут памер мае значэньне. З заходняга гледзішча Беларусь — гэта адсталае балота. З пункту гледжаньня Літвы — гэта патэнцыйна пагрозьлівы расейскі агент з насельніцтвам 10 млн. чалавек, утрая большым, чым у Літве. Сталіца Вільня (гістарычна беларускі горад, на думку літвіністаў) знаходзіцца ў небясьпечным месцы за 35 км ад беларускай мяжы».
«Пільнасьць неабходная. Як і пачуцьцё меры»
Нагадвае сваім чытачам Эдвард Лукас і пра нядаўні скандал у Літве, які тычыўся пасьведчанняў асобы, выдадзеных беларускім апазыцыйным кіраўніцтвам у выгнаньні, на якіх выяўлены старажытны герб Вялікага Княства — вершнік з узьнятым мячом.
«Пагоня з апушчаным хвастом — беларуская вэрсія; Віціс з паднятым хвастом — літоўскі варыянт. Многія краіны з радасьцю дзеляцца нацыянальнымі сымбалямі (напрыклад, у дзяржаўных гімнаў Эстоніі і Фінляндыі адна і тая ж мэлёдыя). Але гэты крок выклікаў пратэсты літоўцаў, а пасьля абурэньне беларусаў у адказ.
Карацей кажучы, літвінізм можа быць глупствам, але гэта раскольніцкае глупства. Ён таксама спрыяе рознагалосьсям у літоўскім грамадзтве і ўрадзе. Аддзел стратэгічных камунікацыяў Узброеных сілаў праяўляе гіпэрпільнасьць у стаўленьні да літвінізму. Іншыя агенцтвы, такія як Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы (ДДБ), значна больш занепакоеныя тым, што менскі рэжым выкарыстоўвае прадстаўнікоў беларускай дыяспары для сабатажу і іншых актаў, уключаючы напады на лідэраў апазыцыі. Сапраўды, ДДБ нядаўна заявіў, што апэрацыя ўплыву Крамля «спрабуе арганізаваць канфлікты паміж процілеглымі сіламі — беларусамі, якія выступаюць за літвінскія ідэі, і так званымі літоўскімі групамі, якія, відаць, супраціўляюцца ім».
«Пільнасьць неабходная. Як і пачуцьцё меры», — такімі словамі заканчвае свой артыкул брытанскі пісьменьнік і журналіст Эдвард Лукас.
Форум