Рэдакцыя Reform.news праверыла, ці праўда гэта. Выявілася, што ідзецца пра чалавека, які сапраўды добра вядомы беларусам.
«Сёньня на запрашэньне Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПР) прыбыла дэлегацыя з ЗША. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі як Рэспубліканскай партыі, так і Дэмакратычнай партыі. Назаву толькі некалькі. Вось штаты, паглядзіце, якія менавіта: Флёрыда, Нью-Джэрзі, Каліфорнія, Чыкага. Адзін з чальцоў дэлегацыі — памочнік губэрнатара Ілінойсу, кіраўнік выбарчай камісіі Чыкага ад Дэмакратычнай партыі. Ёсьць яшчэ наш вядомы Стыў Самарын, які зьяўляецца памочнікам на грамадзкіх асновах прэзыдэнта Трампа і ўваходзіць у кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі. Ёсьць таксама прадстаўнікі амэрыканскіх рэлігійных арганізацый, ёсьць людзі зь беларускімі каранямі, якія прыехалі сюды, і яны хочуць бачыць сваю радзіму, дзе нарадзіліся іх продкі», — сказаў Гайдукевіч у эфіры «Минск-Новости» 30 чэрвеня.
«Вядомы» Стыў Самарын — гэта новае імя расейца Ўладзіслава Рудольфавіча Сьпектарава, піша Reform.news. Ён нарадзіўся ў 1968 годзе ў Самары, вучыўся на спэцыяліста ў камунікацыях, зацікавіўся рэлігіяй, а ў 1997 годзе па пратэстанцкай лініі зьехаў у ЗША. У 2015 годзе яго судзілі ў Флёрыдзе за дробны крадзеж.
Самарын ад пачатку 2010-х гадоў — часты госьць на беларускіх прапагандысцкіх рэсурсах, дзе ён хваліць Лукашэнку. Сам Самарын у сваёй біяграфіі напісаў, што быў дацэнтам катэдры сусьветнай эканомікі і фінансаў Міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО» ў Менску. У 2025 годзе яго заўважылі ў Беларусі ў студзені ў якасьці «міжнароднага назіральніка на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі», а ў траўні і чэрвені ён прыходзіў у студыі беларускіх тэлеканалаў у Менску.
Журналістам не ўдалося знайсьці ані «памочніка Трампа», ані «грамадзкага памочніка Трампа» з такім прозьвішчам сярод кіраўніцтва чаго-небудзь у Рэспубліканскай партыі ЗША.
Заплянаваныя сустрэчы амэрыканскай дэлегацыі ў офісе ЛДПБ і ў Нацыянальным сходзе. Таксама дэлегацыя прыме ўдзел ва ўрачыстых захадах 3 ліпеня.
У пачатку чэрвеня ЛДПБ ужо прывозіла ў Менск эўрадэпутатаў Онджэя Достала з Чэхіі і Мілана Угрыка з Славаччыны. А ў красавіку — дэпутата ляндтагу фэдэральнай зямлі Баварыя, сябра правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) Ульрыха Зынгера.
Форум