Новым міністрам прамысловасьці стаў Андрэй Кузьняцоў, як год да гэтага прапрацаваў намесьнікам. Экс-міністра Аляксандра Яфімава Лукашэнка перавёў дырэктарам на «Амкадор».
Яфімаў працаваў на «Амкадоры» з 2007 году, а з 2020-га ўжо быў там генэральным дырэктарам. У 2022 годзе Лукашэнка прызначыў яго намесьнікам міністра прамысловасьці, а год таму — міністрам.
Лукашэнка даручыў яму перадаць працаўнікам заводу, што дзяржава іх ня кіне.
«Але ніякіх новых мільёнаў укідваць не будзем — выходзьце за кошт сваіх рэсурсаў», — дадаў Лукашэнка.
«Праблем сёння ў прамысловасці больш, чым дзе-небудзь», — прызнаў ён. І ў чарговы раз заклікаў «распранацца і працаваць».
Інспэктарам па Берасьцейскай вобласьці стаў Аляксандар Ломскі. Ягоны папярэднік — Валеры Вакульчык — ад траўня ўзначальвае Апарат Савету Міністраў.
Памяняліся старшыні райвыканкамаў у Буда-Кашалёве, Ганцавічах, Горках, Дзяржынску, Крупках, Менскім раёне, Пухавічах, Рагачове, Стоўбцах, Хойніках, Чачэрску, а таксама ў Савецкім і Цэнтральным раёнах Гомля.
Новыя паслы паедуць у
- Бахрэйн (Ігар Белы, па сумяшчальніцтве)
- Вэнэсуэлу (Дзьмітры Дзеравінскі),
- Кенію (Дзьмітры Красоўскі),
- Эгіпет (Яўген Сабалеўскі, ён жа будзе па сумяшчальніцтве паслом у Альжыры),
- а таксама ў консульства ў турэцкім Стамбуле (Яўгенія Барткевіч).
Таксама Лукашэнка ўзгадніў намесьнікаў у міністэрствах і іншыя прызначэньні.
«Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасьцю і рэалізацыяй спэцыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лягістычнай, торфаздабыўнай, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін.
Асноўны ўладальнік — набліжаны да Лукашэнкі Аляксандар Шакуцін, ён жа ўзначальвае раду дырэктараў. Па стане на 2022 год у структуру холдынгу «Амкадор» уваходзілі 26 прадпрыемстваў, у тым ліку 17 заводаў. У 2020 годзе Шакуцін трапіў пад санкцыі ЭЗ як «кашалёк» Аляксандра Лукашэнкі.
Пра тое, што справы ў «Амкадора» ідуць ня самым лепшым чынам, раней расказваў у сваім расьсьледаваньні BelPol. Паводле зьвестак абʼяднаньня, да лістапада 2023 году «Амкадор» меў пратэрмінаваную запазычанасьць па пагашэньні крэдыту ў «Беларусбанку» ў памеры 38 млн рублёў. Беларускія «дочкі» холдынгу моцна закрэдытаваныя.
У 2024 годзе выйшла расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджалася, што прадпрыемства займаецца распрацоўкай артылерыйскага радыёлякацыйнага комплексу «Вартавы» і ўдарнага бесьпілётнага квадракоптара «Сьвіслач».
Форум