Прапагандысцкі фільм абвінаваціў увезенага ў Беларусь актывіста апазыцыі ў рыхтаваньні дронавай атакі на АЭС

Будынак КДБ у Менску.

Пасьля вечаровага выпуску навінаў на канале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм «Спэцапэрацыя „Гарпун“», прысьвечаны затрыманаму і ўвезенаму ў пачатку траўня 2025 году ў Беларусь Паўлу Бялюціну.

Прапагандысты сьцьвярджаюць, што замежныя ўрады нібыта плянуюць зьнішчэньне Беларусі як дзяржавы.

Пра Бялюціна расказваюць як пра пасьлядоўніка «тэрарыстычнай дзейнасьці» Мікалая Аўтуховіча. Сьцьвярджаюць, што пасьля затрыманьня Аўтуховіча ў 2020 годзе Бялюцін і Артур Папок зьбеглі за мяжу.

Заяўляюць, што «беглыя» апазыцыянэры, у тым ліку Павел Бялюцін, рыхтавалі дронавыя атакі на Астравецкую АЭС.

КДБ сьцьвярджае, што ў базу даносаў, здабытую «Кібэрпартызанамі», у жніўні 2023 году ўкаранілі фальшывы данос Паўла Бялюціна на Мікалая Аўтуховіча ад 2017 году. База нібыта асобным рэсурсам была наўмысна выстаўленая ў інтэрнэт. Маўляў, КДБ такім чынам «падсунула» яе «Кібэрпартызанам». І апэрацыя нібыта аказалася вельмі пасьпяховай, бо Бялюцін быў скампрамэтаваны як даносчык і агент, яму адмовілі ў статусе ўцекача ў Літве.

Пра дэталі яго перапраўленьня ў Беларусь было сказана, што КДБ пакідае іх за дужкамі.

Сьцьвярджалася, што апэрацыя КДБ адносна Бялюціна працягвалася 732 дні.

На сваім тэлеграм-канале ў якасьці камэнтара «кібэрпартызаны» апублікавалі іранічную гіфку.

А ў чаце прадстаўнік групы выказаўся аб вэрсіі КДБ аб узломе сайту.

«Ага. Мы сайт узламалі за пару гадзін. Пасярод ночы. Яны, гэта значыць, за гэты час бегла сабралі нараду, дамовіліся, каго будуць падстаўляць, сфальсыфікавалі базу зьвестак на дзясяткі тысяч зваротаў, падлілі яе на сэрвэр. І ўсё гэта для чаго? Каб зганьбіцца публічна на ўвесь сьвет з надзеяй празь некалькі гадоў, магчыма, злавіць нейкага ноўнэйма? Ага, гучыць праўдападобна)», — такі камэнтар зьявіўся на тэлеграм-канале ад імя чат-боту «Кібэрпартызанаў».

  • 5 траўня стала вядома, што КДБ арыштаваў Паўла Бялюціна, кадры зь ім у аэрапорце паказалі дзяржаўныя СМІ.
  • Бялюцін быў актывістам «Народнай грамады». У кадрах з аэрапорту Бялюціна выводзяць з самалёта і перадаюць двум мужчынам з павязкамі «КДБ» на рукавах, а затым саджаюць у машыну.
  • 24 красавіка стала вядома, што Павел Бялюцін зьнік у Польшчы, ягоная жонка казала, што апошні раз ён выходзіў на сувязь за два тыдні да таго. У 2022 годзе Павел Бялюцін быў асуджаны ў Беларусі на «хатнюю хімію» за «абразу прадстаўніка ўлады».
  • Паводле жонкі, Бялюцін жыў у Вільні, але некалькі месяцаў таму Літва абвясьціла яго пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Тады ён зьехаў адтуль «у Эўропу, шукаць працу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ заявіў, што ў Беларусь «даставілі» былога байца палка Каліноўскага і апазыцыйнага актывіста