У Сэрбіі пратэстоўцы ўначы перакрывалі вуліцы, патрабуючы вызваленьня затрыманых

Your browser doesn’t support HTML5

Пратэсты ў Бялградзе 29 чэрвеня 2025 году

У ноч на 30 чэрвеня тысячы людзей у некалькіх гарадах Сэрбіі перакрылі вуліцы. Яны патрабавалі вызваленьня затрыманых двума днямі раней за пратэсты супраць палітыкі прэзыдэнта краіны Аляксандра Вучыча і ягонага ўраду.

У Бялградзе ўдзельнікі пратэстаў перакрылі вуліцы мэталічнымі агароджамі і кантэйнэрамі для сьмецьця. Яны заблякавалі мост Газэла — ключавую транспартную артэрыю сталіцы цераз раку Сава.

У Нові-Садзе на поўначы краіны, дзе і пачаліся восем месяцаў таму антыўрадавыя дэманстрацыі, пратэстоўцы закідалі яйкамі офісы кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі Вучыча.

Паводле сайту пратэстоўцаў, у сталіцы ўзьвялі 30 барыкадаў, падобныя акцыі праходзяць як мінімум у 22 гарадах Сэрбіі.

Міністэрства ўнутраных справаў раніцай 30 чэрвеня паведаміла пра новыя затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў і ліквідацыю барыкадаў, перадае Балканскае бюро Радыё Свабода.

Пратэсты ў Бялградзе ўвечары 29 чэрвеня

Пратэстоўцы блякуюць дарогу ў Бялградзе 29 чэрвеня

Студэнцкія пратэсты ўзмацніліся пасьля таго, як 28 чэрвеня паліцыя затрымала ўдзельнікаў маштабнага мітынгу ў Бялградзе.

Паводле ацэнак, у іх удзельнічалі каля 140 000 чалавек. Міністар унутраных спраў Івіца Дачыч паведаміў, што паліцыя затрымала 77 чалавек, і 38 зь іх 29 чэрвеня заставаліся пад вартай.

Аляксандар Вучыч заявіў, што праваахоўныя органы рыхтуюцца да «шматлікіх новых арыштаў».

Пратэсты ў Бялградзе 28 чэрвеня

29 чэрвеня ўвечары людзі зноў выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем вызваліць затрыманых напярэдадні.

Што казалі ўдзельнікі пратэстаў

  • «Яны павінны вызваліць затрыманых. Гэта непрыгожа, як урад абыходзіцца з моладзьдзю. Мы хочам жыць у свабоднай краіне, як таго патрабуюць студэнты».
  • «Мы заклікаем інстытуты пачаць рабіць сваю працу. Арыштаваць тых, хто сапраўды нясе адказнасьць за гвалт. Мінулай ноччу яны білі людзей, хапалі ўсіх, каго маглі».


З чаго ўсё пачалося

1 лістапада 2024 году абрынулася цэмэнтавая павець чыгуначнай станцыі ў Нові-Садзе, што прывяло да гібелі 16 чалавек. Гэтая трагедыя выклікала ў краіне адзін з найбуйнейшых рухаў пратэсту за апошнія гады.

Ратавальнікі на месцы абвалу ў Нові-Садзе, 1 лістапада 2024 году

Пратэстоўцы сьцьвярджаюць, што прычынай трагедыі сталі карупцыя і некампэтэнтнасьць чыноўнікаў. Дэманстрацыі, якія пачаліся пасьля трагедыі, хутка перарасьлі ў пратэсты супраць Вучыча.

Сэрбскія ўлады адкідаюць абвінавачаньні ў карупцыі. Яны заяўляюць, што расьсьледуюць сьмяротны інцыдэнт у Нові-Садзе і ўжо арыштавалі каля дзесяці падазраваных, якія займалі высокія пасады.

Вучыч, які імкнецца балянсаваць паміж Расеяй і Захадам, абвінаваціў у падаграваньні пратэстаў неназваныя «замежныя дзяржавы».

«Краіна будзе абаронена, а хуліганы паўстануць перад правасудзьдзем», — заявіў ён журналістам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Сэрбіі заявілі аб перадухіленьні дзяржаўнага перавароту. Сярод затрыманых — палітыкі і колішнія вайскоўцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля параду ў Маскве — у зраненую Расеяй Адэсу. Прэзыдэнт Сэрбіі ўпершыню за 12 гадоў прыехаў ва Ўкраіну